Поиск
  • мария гукайло

Стварэнне моўнага асяродзя для авалодання дзецьмі беларускай мовай

Шануйце мову родную!

Багатую і мілагучную!

Родная мова

У марах, у песнях, у снах.

Мае ў ёй кожнае слова

А. Грачанікаў

Самае дарагое ў жыцці – тое, што закладзена ў сэрца з ранніх год. Менавіта родная мова – сувязнае звяно ў далучэнні дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, традыцый і гістарычнага мінулага нашай Радзімы.

Дашкольнікі мала чуюць родную мову ў шырокім ужытку, а таму маюць бедны слоўнікавы запас, іх маўленне знаходзіцца пад уплывам рускай мовы.

У сувязі з гэтым, сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбляць знаемства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць пачуцце грамадскасці, любоў да Радзімы.

Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, не саромецца на ёй размаўляць. Важна, каб дзеці ведалі і шанавалі гісторыю сваіх продкаў, родную прыроду. Адказнасць за гэта ляжыць на нас – педагогах і бацьках. І пачынаць работу трэба з выхавання ў самых маленькіх любові ў першую чаргу да роднай мовы. Вялікае значэнне тут мае асабісты прыклад дарослых. Трэба ўвесці рускамоўных дзяцей у атмасферу жывога беларускага слова, далучыць іх да багацця роднай мовы, навучыць адчуць яе прыгажосць, мелодыку, своеасаблівасць. Ступень авалодання як роднай, так і другой мовай у дзіцячым узросце ў многім залежыць ад таго, наколькі поўна і правільна дзіця засвоіла іх на пачуццёвым узроўні. Пачуццё роднай мовы набываецца ў працэсе штодзённых зносін з іншымі людзьмі.

Для дзяцей, якія жывуць у рускамоўным бытавым асяроддзі, менавіта гульні з іх разнастайнымі сітуацыямі, сімвалічнымі дзеяннямі ствараюць асаблівую патрэбу ў беларускай мове.

Праз гульню ў тэатр дзеці таксама вучацца мове. Падрыхтоўка тэатралізаванай сцэнкі дае магчымасць вучыць дзяцей прыгожа, гучна вымаўляць словы на роднай мове, адчуваць рытм, музыку беларускага маўлення.

Матэрыялам для вывучэння фанетыкі, лексікі, граматыкі беларускай мовы могуць служыць маленькія вершаваныя формы, фальклорныя паэтычныя творы.

Па форме яны яскравыя, дасціпныя, забаўныя, падабаюцца дзецям, лёгка запамінаюцца, актыўна ўжываюцца ў гульнях. Гарантуюць станоўчую матывацыю засваення беларускай мовы, садзейнічаюць павышэнню дзіцячай самаацэнкі.

Значнае месца ў далучэннi дзяцей да беларускай культуры, мовы мае арганiзацыя тэматычнага асяроддзя.

Нельга вывучыць родную мову пад прымусам, яна павінна ўвайсці ў сэрца і думкі дзяцей непрыкметна, лёгка.

Паважаныя бацькі! Давайце дапаможам нашым дзецям авалодаць беларускай мовай. Будзем выхоўваць дзяцей добрымі, разумнымі, дапытлівымі, церпялівымі і ўважлівымі да ўсяго. І адначасова абуджаць веру дзіцяці ў тое, што яно вырасце патрэбным на зямлі чалавекам.


Просмотров: 5
This site was designed with the
.com
website builder. Create your website today.
Start Now